Рассказ про турау на беларускай мове

Сказки

Тураў. Назва паводле легендаў і паданняў

Гэта ўсё здарылася надзвычай даўно. Там, дзе цяпер стаіць наш пасёлак і бліжэйшыя да яго вёскі, раней раслі дрымучыя лясы, а побач цякла-круцілася велічная Прыпяць і гарэза Струмень, які паслужліва ўліваў свае воды ў больш магутную сястру-раку. Сцвярджаюць і такое, што найперш быў адзін Струмень, а Прыпяці тады не існавала. Яшчэ адна рэчанька, пра якую зараз памятаюць толькі старыя людзі, — Язда, таксама была вялікай, а цяпер ад яе засталася ручаінка, ды і тая забруджаная, засмечаная.
Вось у тыя далёкія часы і прыйшоў сюды магутны князь Тур з вялікім войскам. Ваяваў ён недзе, відаць, ажно за Кіевам, з ворагамі. Стамілася ягоная дружына, многія з вояў былі пакалечаны, і трэба было даць ім працяглы адпачынак. Але дзе? Там, дзе біліся, усё вытапталі коні, ураджаю не дачакаешся, і людзі яшчэ больш змізарнеюць. Стаў думаць Тур, думалі і ваяводы, ды нічога добрага не прыходзіла ў галаву. Прайшлі суткі, канчаліся другія, а дружына стаяла на тым жа самым месцы. I тады рашыўся князь на дзіўны ўчынак — загадаў ваяводам сабраць разам усю дружыну і паставіць людзей у чыстым полі, дзе ўсе яго добра чулі б.

Падначаленыя прызвычаіліся надта не перапытваць, загад ёсць загад, і яго трэба выконваць, таму праз хвілін колькі падляцеў да Тура вершнік:

— Загад выкананы, княжа.
— Пайшлі да людзей тады.

Усе ваяводы і сам Тур падаліся да войска. I тут князь зрабіў тое, што рабіў у надзвычай рэдкіх выпадках:

Хлопцы, тут такая справа…

Дружыннікі напружана слухалі, здавалася, нават коні і тыя перасталі фыркаць.

Збіраемся мы рушыць на адпачынак. Самі ж разумееце, як усе стаміліся, знясілелі.

Трэба адшукаць мясціну, дзе ні вайны не было, ні якой іншай пошасці, каб хапала прыпасаў і для людзей, і для коней.

Воі, прызвычаеныя выконваць загады і безагаворачна падпарадкоўвацца, зараз не надта спяшаліся выказваць уласныя думкі. Мячом махаць — гэта адна справа, а языкам мянташыць — зусім іншая. Тут і на смех падняць могуць. Таму і маўчалі. Тур ведаў пра гэта, таму паспрабаваў падбадзёрыць вояў:

— Не палохайцеся. Мясціна трэба вялікая, прыдатная для войска…
— Разумеем, княжа, але ж мы даўно дома не былі, паход за паходам цягнецца. Калі з роднай хацінай развітваліся, дык адно было, а калі прывядзём гэтулькі людзей, а там выпалена ці вынішчана ўсё.
— Або, і такое можа быць, там неўраджай? Туды дабірацца будзем, а назад ужо і сілы не знойдзецца… Таму і не спяшаемся з адказам, княжа.
— Я вас не прыспешваю, але мы з ваяводамі не змаглі такой мясціны адшукаць, вырашыў з вамі параіцца.
— Дзякуем за давер, валадар.

Як бы там ні было, але і дружына нічога не магла падказаць. Ужо збіраліся распускаць людзей і ехаць на тое месца, дзе стаялі ў мінулым годзе, як раптам Тур устрапянуўся:

Хлопцы, калі ўсе падказаць не могуць, то, можа, віжы падкажуць або ганцы? Вы ж ва ўсе бакі ездзілі, магчыма, дзе такую мясціну бачылі, якая б нам зараз падышла…

Запанавала цішыня, і тут выступіў наперад малады хлапчына і гучна прамовіў:

Здаецца, княжа, я ведаю такое месца. Праўда, далекавата адсюль.
— А мы туды, чалавеча, не ваяваць накіроўваемся, а адпачываць.
— Хапае там і дзічыны, і рыбы, і корму коням.
— Гэта для нас галоўнае.
— I яшчэ, княжа. Далёка туды дабірацца пешкі, а па вадзе будзе значна бліжэй.
— Вось як? Туды і па вадзе дабрацца можна? Малайчына, вой, малайчына…

Праз хвіліну ўзрадаваны Тур аддаваў ужо іншы загад:

Рыхтаваць чаўны і для людзей, і для коней. Берагам праедзе толькі невялікі атрад, на выпадак нечаканага нападу чужынцаў, калі яны тут акажуцца.

Да той мясціны плылі тыдні тры. Спыняліся, лавілі рыбу, білі звера, хвалілі хлопца, але той адмоўна круціў галавой і сцвярджаў:

— Гэта яшчэ не тое месца.
— I тут жа ўсё ёсць…
— Пабачыце, колькі там будзе.

Тур задаволена церабіў рыжую бараду. Яму і самому падабалася, што людзі на вачах папраўляліся, што землі такія багатыя. Так і прыплылі яны сюды, у нашы мясціны.
Паснулі людзі, хто на чаўнах, а хто, расклаўшы вогнішчы, выбраўся на бераг. Сярод іх ляжаў і князь Тур. Заснуў валадар, і сніцца яму дзіўны сон — ляжыць ён на высокім возе, а навокал гарады прыгожыя стаяць. Ды такія прыгажэнныя, якіх да гэтага часу нідзе не бачыў. Усхапіўся князь і загадаў прывесці да яго чараўніка, які ў любым паходзе людзей параненых ды хворых вылечваў. Распавёў яму валадар пра сон.

Гэта навіна, валадар, надзвычай добрая, — зазначыў чараўнік.
— Добрая? I што ж яна азначае? — зацікавіўся Тур.
— Азначае, што тут трэба будаваць… горад.
— Вось яно што… Выдатная справа — будаваць горад! Падумаць толькі! Мы ўсё разбураем, калі ваюем, а тут трэба пабудаваць! З раніцы і пачнём; Слаўная ў горада будзе гісторыя, калі ўсё атрымаецца.

Князь Тур пачаў будаваць горад. I быў горад такі вялікі, што і Верасніца, і Рычоў, і Дварэц, і Азяраны, і іншыя вёскі былі пад ім. Будаваў яго князь Тур не абы-як: спачатку насыпаў рачнога пяску тоўсты слой. Пасля пачаў паліць лес і насыпаў пласт дробнага вугалю ў тры аршыны. Потым надралі і паклалі пласт бярозавай кары; пасля кары насыпалі бітых гаршкоў; пасля — звярыных касцей. У канцы засыпалі пласт лускі язя — і ўсё гэта паверсе засыпалі зямлёй.

Уязная брама была каля Азяран. У асяродку горада выкапалі глыбокі-глыбокі калодзеж, які і да гэтага часу называецца Тур-калодзежам. Казалі, што гэта незвычайны калодзеж. У ім тры дны: меднае, сярэбранае і залатое. Калі прарвецца, не вытрымае, залатое дно, то настане канец свету, зямля зноў ператворыцца ў суцэльны вялікі акіян.

На паляванне Тур звычайна ездзіў у тое месца, якое зараз завецца Буразь. Было там глухое балота, лясы, а таму і шмат звяроў. Тур забіваў іх, не саскокваючы з каня, такі магутны ды вёрткі быў валадар. Рэзне мячом ці гопне дзідай ды яшчэ пры гэтым і прамовіць: «За раз!» Так і месца назвалі — Буразь. Відаць, раней было Заразь.

Пасля Тура стаў валадарыць у горадзе слаўным князь Уладыка. Менавіта пры ім у Азяранах была надзвычай вялікая ўязная брама, а на ёй цяжкі замок. Калі ворагі неяк разбурылі Тураў, то не вытрымалі, паваліліся і вароты, а з іх выпаў замок. Ужо значна пазней ішла неяк карова з пашы і трапіла ў той замок нагой. Замок жа быў сама меней фунтаў з дзесяць. Там, дзе цяпер жыве Курбан, тады жыў Уладыка, таму нават сёння тое месца называецца Уладыкіным. З уладыкінага палаца быў у Тураў насып, а праз раку Язда — вялікі мост. Трывалы, з моранага дуба зроблены.
Пры Уладыку жыло ў горадзе многа папоў і іншых свяшчэннікаў, таму яму быў наканаваны незвычайны лёс. Здарылася так, што хоць ён і багаты быў, і ўсяго ў яго хапала, але смерць займеў страшную. Ішоў аднаго разу на малебен. Прыцямнела добра, а ён сунуўся без аховы, бо каго было тады ў Тураве баяцца? Зладзеяў не было, разбойнікаў — таксама. Ажно па дарозе напалі на яго… ваўкі і з’елі. Чакалі, чакалі Уладыку людзі — няма, тады пайшлі шукаць і знайшлі толькі парваную вопратку на тым самым месцы, дзе ён сустрэў сваю апошнюю часіну.

Пасля Уладыкі быў князь Комар, а пасля яго на княжацкі стол села княгіня. Імя яе невядома, не захавала народная памяць. Вядома толькі, што была яна надзвычай моцнай чараўніцай. Калі па Тураўшчыне ў той час разышлася маравая пошасць, дык гэта княгіня загадала закапаць у зямлю нямога чалавека, жывога бабра і жывога мядзведзя. Калі іх закапалі, дык зрабілася гара, якая называецца да нашых дзён Бабруйкава Гара. Пасля гэтага ўсяго пошасць спынілася.

Читайте также:  Рассказ про зиму на французском языке 2 класс

Прыходзілі на Тураў розныя ворагі, але княгіня-чараўніца бараніла сваіх людзей, не давала іх у крыўду. Прыйшло раз вялікае войска, абклала Тураў і супынілася там, дзе цяпер Перадол. Княгіня тая звязала шчотку з свіной шчаціны і кінула — ворагу падалося, што параслі вялікія камышы; кінула з курынае яйка — чужынцам падалося, нібыта раптоўна разлілася вялікая вада. Доўга стаялі чужынцы, ды не хапіла ў іх вытрымкі і харчоў. Сталі яны самі паміраць, а коней ужо ў іх не было, бо да гэтага ўсіх паелі. На тым месцы, дзе ўсё гэта адбывалася, з’явілася лагчына, якую ў народзе назвалі — Перадол. Калі б яе ворагі ў тыя жахлівыя часы пераадолелі, то тураўцы загінулі б.

Калі ў другі раз прыйшлі нязваныя госці да горада, то княгіні-чараўніцы ўжо не было ў жывых і не было каму бараніць Тураў. А ён да таго часу быў вялікім — адных толькі цэркваў ды храмаў было сорак пяць. Накінуліся чужынцы на мірных жыхароў і пачалі вынішчаць. Нікога не шкадавалі — ні старых, ні жанчын, ні дзяцей. Дзяцей, каб час не губляць, кідалі ў калодзеж, спадзеючыся, што яны там пакалечацца і перамруць. Але выйшла наадварот, бо вада ў калодзежы ад нечага стала малаком: тыя небаракі ім карміліся, выраслі і зноў пайшлі па свеце тураўцы.

Адзін жа чалавек, ратуючыся, забраўся ў буслянку і сядзеў там да таго часу, пакуль ворагі не рушылі ў дарогу назад. За гэта яго празвалі — Бусліны. А другі забраўся ў глыбокую яміну, сядзеў там і еў толькі вяленую рыбу. За гэта яго празвалі Седуном. Яны і да нашых дзён у Тураве жывуць.

Пасля разбурэння горада епіскапства перабралася ў Пінск, а з Пінска ў Бабруйск, і ажно дваццаць пяць гадоў судзіўся Тураў за тое, каб вярнуць усё назад, ды, на вялікі жаль, не атрымалася.

Вось такая гісторыя, слаўная і трагічная, у нашага паселішча.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 156-160.

Источник

Магчымыя варыянты:
Тураў Туров Turów Turaŭ Turov Turev Turow Turau

Што паглядзець у Тураве

Страчаная спадчына

Гісторыя Турава

Тураў упершыню ўзгадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 980, дзе сказана: «. бе бо Рогволод перешел из заморья имяше волость свою Полотьске, а Тур Турове, от него же и Туровци прозвашася». Гарадзішча старажытнага Турава ўключала дзядзінец і вакольны горад. Дзядзінец з паўднёва-ўсходняга боку быў адасоблены ад вакольнага горада абарончым ровам, пляцоўка вышынёй 5—6 м мела трохвугольную форму. Роў паміж дзядзінцам і вакольным горадам быў пастаянна запоўнены вадой. З 2-й паловы 13 ст. на тэрыторыі дзядзінца існаваў замак. Да пач. 19 ст. на замчышчы яшчэ стаяла вежа, пабудаваная ў 2-й пал. 13 ст., якая была галоўным абарончым збудаваннем Тураўскага замка. Адносілася да тыпу валынскіх вежаў (як і Камянецкая вежа). Пабудавана з цэглы на вапнавым растворы. Паводле планаў 18—19 ст. мела форму круга дыям. 11 м. Унутры была падзелена на некалькі баявых ярусаў. Разабрана на загад расейскіх уладаў у 1830-я г.

Вакольны горад прылягаў да дзядзінца з паўднёва-ўсходняга боку, меў форму чвэрці круга (плошча каля 1,5 га), узвышаўся над прылеглай мясцовасцю на 5—6 м, меў стромкія здзірванелыя схілы. Лысенка выявіў у 1992—1993 у пластах канца 10 ст. рэшткі язычніцкага капішча, у пазнейшых — руіны храма, што загінуў пры верагодным землятрусе 1230, рэшткі жылых пабудоў, пахаванні ў саркафагах, свінцовую пячатку кіеўскага мітрапаліта Кірылы І (1225—32), частку царкоўнага звона, т.зв. Тураўскія крыжы. У паўночна-заходняй частцы Турава на правым беразе р. Струмень, знаходзіцца селішча, якое, на думку даследчыкаў, было часткай горада. Насельніцтва Турава займалася рамёствамі, сельскай гаспадаркай, паляваннем, рыбалоўствам; мела гандлёвыя сувязі з Кіевам, Паўночным Прычарнамор’ем, Блізкім Усходам, Малай Азіяй, Валынню і Прыбалтыкай.

Тураў — адзіны горад 10 ст. на тэрыторыі рассялення дрыгавічоў. Мяркуюць, што ён быў племянным цэнтрам самастойнага «княжання». У канцы 1-га тыс. н.э. стаў палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Тураўскага княства. У гэты час у Тураве ўзнікла адна з першых на Русі епіскапій на грэчаскі ўзор.

Епіскапія заснавана ў канцы 10 — пач. 11 ст. Першапачаткова ахоплівала тэрыторыі басейна р. Прыпяць і на Пн ад яе, уключала таксама гарады Наваградак, Менск, Пінск, Барысаў. Пасля разбурэння Турава татарамі (сярэдзіна 13 ст.) епіскапская кафедра перанесена ў Пінск, епархія стала называцца Турава-Пінская. У 1878—1922 кіруючыя архірэі Мінскай епархіі тытулаваліся «мінскія і тураўскія». Сярод кіруючых архірэяў вядомыя: Фама (згад. 1005), Кірыла (1114? —20), Сімяон (?), Ігнацій (? —1144), Іаакім (1144 —?), Георгій (згад. 1167), Кірыла Тураўскі (? — каля 1183), Лаўрэнцій (згад. 1183).

3 988 г. ў Тураве княжылі прадстаўнікі дынастыі Рурыкавічаў. Першы з іх быў Святаполк Акаянны (988—1015 гг.), сын кіеўскага вялікага князя Уладзіміра Святаславіча. Пасля яго смерці Тураўская зямля ўключана ў Кіеўскае княства, Яраслаў Мудры ў 1052 г. аддаў Тураў і Тураўскае княства свайму трэцяму сыну Ізяславу. У 1073 г. Тураў перайшоў да Усевалада Яраславіча, у 1076 г. — зноў да Ізяслава, з 1078 г. — да яго сына Яраполка. У 1097—1113 г. тураўскім князем быў Святаполк Ізяславіч, з 1113 г. — ва ўладанні кіеўскага вялікага князя Уладзіміра Манамаха, з 1125 г. — у яго сына Вячаслава. З 1142 г. да 1158 г. пераходзіў ад адных князёў да другіх. У 1158 г. тут аднавіў на троне дынастыю Ізяславічаў унук Святаполка Ізяславіча Юрый Яраславіч, які дамогся незалежнасці Тураўскага княства.

У час княжання Святаполка Ізяславіча (1087—1113) яго жонка грэчаская царэўна Варвара заснавала ў Тураве Варварынскі жаночы манастыр. У 1158 Тураў вытрымаў жорсткую дзесяцітыднёвую аблогу войск кааліцыі паўднёварускіх князёў, а ў 1160 трохтыднёвую аблогу валынскіх князёў. У Тураве жыў і працаваў выдатны дзеяч усходне-славянскай культуры Кірыла Тураўскі.

У 2-й палавіне 12 ст. Тураўскае княства ўступіла ў стадыю феадальнай раздробленасці і Тураў страціў сваё ранейшае палітычнае значэнне. У канцы 13 — пачатку 14 ст. вызначаўся развітым рамяством і гандлем. 3 1320-х гадоў у складзе Вялікага княства Літоўскага. Спачатку захоўвалася мясцовая дынастыя, з 1430 г. перайшоў да вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Свідрыгайлы, з канца 15 ст. ўладанне М.Л. Глінскага, у 1508—1620 гг. — князёў Астрожскіх, пасля Сапегаў, Патоцкіх. З 15 ст. ўваходзіў у склад Трокскага, з 1566 г. Берасцейскага ваяводстваў. У 1502 і 1521 Тураў падвяргаўся нападам крымскіх татар. У 16 ст. горад складаўся з асноўнай часткі і 2 прадмесцяў — Заяцэлле і Запясочча. У вайну 1648—54 Тураў знаходзіўся на тэрыторыі кантралюемай казацкімі войскамі. У 1649 Тураў вызвалены войскамі Януша Радзівіла. Спустошаны ў час вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1648 у Тураве 401 дом, у 1667 — толькі 111 дамоў, у 1790 — 497 дамоў.

У 1743 г. ўладальнікам большай часткі Турава як «графства» стаў маршалак галоўнага трыбунала літоўскага Ян Міхал Салагуб. У 1790 г. тут было 497 дамоў. У 1793 г. паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай Тураў у складзе Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мазырскага павета Мінскай губерні.

Крыніца:
Пётр Лысенка, Тацяна Скрыпчанка, Мікола Нікалаеў
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5.
Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя», 1999

А.П. Грыцкевіч, А.М. Кулагін
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць
Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 1986

Источник

Старажытны Тураў пачаў прыадчыняць свае таямніцы

Тураў — калыска дзяржаўнасці

Адносна нядаўна гэты старажытны горад пачаў прыадчыняць свае таямніцы

Тураў і Полацк. Няма ім роўных сярод беларускіх гарадоў па ўкладзе ў гісторыю Беларусі. Аднак, калі месца Полацка ў гістарычнай навуцы і грамадскай свядомасці дакладна замацавана, а ў самім горадзе захаваліся і адноўлены ў адзіным комплексе ўнікальныя гістарычныя будынкі і збудаванні, то Тураву пашанцавала менш. Яго гістарычны лёс склаўся так, што пачынаючы з XIII стагоддзя, калі Кіеў­скую Русь напаткала вялікая бяда ў выглядзе княжацкай між­усобіцы, ён перастаў адыгрываць істотную ролю і з часам пераўтварыўся ў пазаштатнае мястэчка Вялікага Княства Літоўскага. Забыццю паспрыялі і ўмовы Палесся. Вільгаць і кісларод, пранікаючы скрозь пясчаныя глебы, знішчылі мноства бясцэнных сведчанняў былой гістарычнай ролі Турава. Мне памятаецца даўняя, сярэдзіны 90-х гадоў, сустрэча з гарадком, які налічваў усяго толькі 4-5 тысяч жыхароў. Мноства аднапавярховых вясковых хат з пацямнелага ад часу бярвення на некалькіх нядобраўпарадкаваных вуліцах, што збягаліся да адзінай плошчы. А крыху далей па цячэнні мнагаводнай Прыпяці — велічны рукатворны узгорак, дзе, паводле падання, стаяў некалі праваслаўны кафедральны сабор.

Читайте также:  Сказки пушкина картинки героев

Тое, што тут літаральна ходзіш па гісторыі, даўно было зразумела многім. І я тады, прайшоўшыся па нечых агародах, з ходу знайшоў некалькі цёмна-шэрых кавалачкаў керамікі з мінулага. А пад нагамі, паведамілі спецыялісты, яшчэ тры метры культурнага пласта, і хто ведае, якія артэфакты ён захоўвае. Але толькі адносна нядаўна старажытны Тураў пачаў прыадкрываць свае таямніцы. Вядомы археолаг, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктар гістарычных навук Пётр Лысенка ў выніку шматгадовай работы выявіў тое, што і паставіла Тураў у адзін рад са старажытнымі Полацкам, Кіевам, Чарнігавам.

Буйнейшай знаходкай на вяршыні ўзгорка ля берагоў Прыпяці, там, дзе нядаўна пасвіліся гусі і жывёла мясцовых жыхароў, стаў падмурак згаданага праваслаўнага сабора. Па форме падмурка бачна: будынак быў падобны да Кіеў­скай і Полацкай Сафіі, што гаворыць пра непарыўную повязь Турава з гісторыяй старажытнаславянскай дзяржавы. Сабор залажылі ў 50-70-х гадах XII стагоддзя па блаславенні слыннага праваслаўнага багаслова і першага беларускага пісьменніка епіскапа Кірылы Тураўскага, якога за дзіўнае красамоўства параўноўваюць з Іаанам Залатавустам. 69 яго арыгінальных казанняў ды іншых рукапісных работ вядомыя гісторыкам. Яны сведчаць не толькі аб прамоўніцкім таленце, але і пра палітычную вагу гэтага дзеяча мінулага.

Трэба аддаць належнае нашым сучаснікам, якія па заслугах ацанілі не толькі гістарычную, але і вялікую грамадскую значнасць знаходкі. Тагачасны старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон, да якога па падтрымку звярнуўся Пётр Лысенка, вылучыў неабходныя рэсурсы для будаўніцтва саркафага са шкла і анадзіраванага алюмінію, які ўкрыў ад разбурэння пад уздзеяннем снегу, дажджу, іншых знешніх фактараў падмурак старажытнага сабора. Работа ішла хутка. Пакуль у адным месцы археолагі агалялі ад напластаванняў глебы рэшткі культавага будынка, у іншым куце будаўнікі майстравалі музей-укрыццё. І праз некалькі месяцаў ён быў гатовы. Важкае слова сказала і Праваслаўная Царква. У Тураве ўзве­дзены і 11 мая 2013 года асвечаны новы Кафедральны сабор. Там кожны год праводзіцца боская літургія ў памяць пра Кірылу Тураўскага.

Пакланіцца святыні, гледзячы з вышыні памоста і амаль дзесяці стагоддзяў на старажытны мур з бутавага каменю і цэглы, прыязджаюць тысячы вернікаў. Месца сапраўды намоленае. Адным па гэтай прычыне тут дыхаецца лёгка, свежа. Другім, наадварот, цяжка. Некаторыя пад уражаннем убачанага нават трацілі прытом­насць. Магчыма, таму, што лёс у сабора трагічны. Дзейнічаў ён нядоўга, паколькі быў разбураны ў выніку землятрусу, які здарыўся ў Карпатах у 1230 годзе. Ацалелую цэглу мясцовыя жыхары разабралі на гаспадарчыя патрэбы. Але некалькі пахаванняў ва ўнікальных саркафагах з шыфернага сланцу — нічога падобнага ў Беларусі больш не знойдзена — захаваліся і былі адкапаны ўжо ў наш час.

Гэтыя пахаванні таксама далі бясцэнны матэрыял для даследаванняў. У прытворы знайшлі рэшткі дзіцяці. Хутчэй за ўсё, гэта быў малалетні княжыч. А непасрэдна за сцяной храма знайшлося пахаванне маладой жанчыны. Яе чэрап добра захаваўся, і мастак Леанід Яшэнка вылепіў па ім партрэт старажытнай тураўчанкі. Яго гіпсавая копія ўпрыгожвае сёння кабінет Пятра Лысенкі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Прывабныя рысы твару — амаль як у нашых сучасніц. Хутчэй за ўсё, гэта была любімая наложніца князя, лічыць навуковец.

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў Пётр Лысенка мэтанакіравана даследуе Тураў і Тураўшчыну. Навуцы і грамадству з мінулага вернута мноства цікавых фактаў. Тут, на поўдні цяперашняй Беларусі, жыло племя дрыгавічоў. Княства ў Тураве сфарміравалася ў канцы X стагоддзя, калі вялікі кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч падзяліў сваё вялікае княства паміж сынамі і выдзеліў Тураў трэцяму сыну Святаполку. З тых часоў Тураўскае княства абавязкова адыгрывала важную ролю ў Кіеўскай Русі. Дастаткова сказаць, што ў XI стагоддзі з шасці вялікіх кіеўскіх князёў трое былі прадстаўнікамі тураўскай дынастыі. Зусім не проста будаваліся тыя дынастычныя адносіны. У барацьбе за княжацкі пасад хітры Уладзімір Манамах пусціўся на інтрыгі, каб насуперак звычаям пасадзіць у Тураве свайго сына. І было за што змагацца. У часы росквіту Тураўскае княства распасціралася ад Прыпяці да сучаснага Мінска, ад Дняпра да земляў за Заходнім Бугам, якія належаць сёння Польшчы.

А галоўная выснова навукоўца такая: на тэрыторыі сучаснай Беларусі нараўне з Полацкам існаваў яшчэ адзін магутны цэнтр фарміравання беларускай дзяржаўнасці — Тураўскае княства. Гэта значна пашырае ўяўленні аб узнікненні старажытнарускай дзяржавы. У гэтым святле па-новаму бачыцца і мінулае сучаснай Беларусі. З’явіўся яшчэ адзін важкі аргумент на карысць яе палітычнай, культурнай, этнічнай, тэрытарыяльнай самадастатковасці ў варунках другой паловы новай эры.

Аднак сам старажытны Тураў, можна сказаць, толькі цяпер пачынае аднаўляць сваю гістарычную веліч. На сучасным, зразумела, узроўні. У знакавым месцы горада з’явіўся манументальны помнік Кірылу Тураўскаму работы мастака Міхаіла Інькова. На думку многіх, ён найбольш адпавядае магчымаму вобразу свяціцеля са знойдзенай Пятром Лысенкам пры раскопках свінцовай пласцінкі. Праваслаўную традыцыю прадаўжае велічны сабор, збудаваны ў цэнтры Турава.

А галоўнае, напэўна, у тым, што мясцовыя жыхары праз стагоддзі пранеслі тое асаблівае, што іх адрознівае. Цёплае пачуццё ў душы засталося ад зносінаў з дырэктарам Тураўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Аленай Паклонскай, карэннай тураўчанкай. У жэстах, гаворцы адчуваліся рысы княжычаў, гарадскіх людзей, часам ганарлівых, часам крыўдлівых, калі іх параўноўвалі з палешукамі з навакольных вёсак. Адрозненні былі ў побыце, вопратцы. Тураўчане аддавалі перавагу строгаму аднатоннаму адзенню ў адрозненне ад навакольных сялян, якія насілі яркія вышываныя фартухі, кофты і спадніцы. Своеасаблівая і тураўская гаворка, слоўнік якой вялікі, на некалькі тамоў.

Сённяшняя тураўская інтэлігенцыя ўсяляк імкнецца захаваць і перадаць моладзі духоўную спадчыну продкаў. Гатовы да выдання слоўнік тураўскай гаворкі. Тураўскае навукова-асветніцкае таварыства, дзе старшынствуе Пётр Лысенка, выдала больш за 20 альманахаў і кніг, прысвечаных гісторыі роднага крю і яго людзям. Выхаванцы Цэнтра дзіцячай творчасці ўвасабляюць мясцовы каларыт у ляльках-абярэгах з тканіны, гліняных фігурках, вывучаюць гісторыю мясцовага княжацкага воінства.

А сам гарадок з надзеяй глядзіць у будучыню. Мясцовы малочны камбінат сваімі сырамі вядомы далёка за межамі Беларусі. Плануецца будаўніцтва яго другой чаргі, што падвоіць выпуск запатрабаванай прадукцыі. Развіваецца турыстычная галіна, якая таксама мае свой каларыт. Агледзеўшы гістарычныя славутасці і дзіўны каменны крыж, які расце з зямлі, можна з камфортам уладкавацца ў плывучай гасцініцы на Прыпяці — такіх у Беларусі больш няма, палавіць рыбку прама з парога. Прыемна змянілася і аблічча самога горада — з’явіліся сучасныя катэджы, цэнтр апрануўся ў тратуарную плітку, з’явіўся гранітны помнік са словамі пра Тураў з летапісу. Горад быццам імкнецца вярнуць сабе годнае месца ў гісторыі, нагадваючы пра моц і сілу старажытнага княства.

Горад Тураў вядомы як радзіма старажытнарускага тэолага і філосафа Кірылы Тураўскага (1130-1182), таксама тут жылі святыя Марцін і Лаўрэнцій Тураўскія. У XII стагоддзі ў Тураўскім княстве дзейнічала 2 манастыры і 85 цэркваў.

Источник

Паданні старажытнага Турава

Тураў: тысячагадовы паірыярх Палесся

«Пазбаві, Госпадзі,
град сей і краіну гэту
ад усялякага зла».

Кірыла ТУРАЎСКІ

Сярод старажытных гарадоў зямлі беларускай палескі Тураў уступае па ўзросце толькі Полацку і Віцебску. Упершыню пісьмова ён упамінаецца ў “Аповесці мінулых часоў” у 980 годзе. Першым вядомым тураўскім князем быў Святаполк, сын кіеўскага князя Уладзіміра. Праз Тураў праходзіў асноўны водны шлях, што звязваў Візантыю з Еўропай.

У канцы Х стагоддзя ў Тураве ўзнікла другое на беларускай зямлі пасля Полацкага праваслаўнае епіскапства. Больш за паўсотню цэркваў і манастыроў налічвалася ў сталіцы Тураўскага княства, дзе жыў і тварыў вядомы асветнік Кірыла Тураўскі.

Читайте также:  Рассказ о хлебе в блокадном ленинграде

Феадальная раздробленасць падзяліла княства на ўдзельныя ўладанні, якія ўвайшлі ў Вялікае Княства Літоўскае.

Неаднаразова Тураў дашчэнту знішчалі мангола-татары, крымскія татары і іншыя захопнікі. І кожны раз, як легендарная птушка фенікс, ён паўставаў з попелу. У розныя стагоддзі горадам валодалі князі Свідрыгайлы, Глінскія, Астрожскія і іншыя магнаты. У ХVIII стагоддзі тураўскі маёнтак зваўся графствам.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка стала цэнтрам воласці Расійскай імперыі. Паўтара стагоддзі таму тут выявіўся адзін з найстаражытнейшых рукапісных помнікаў ХI стагоддзя – Тураўскае Евангелле.

На пачатку мінулага стагоддзя мясцовасць некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі іншаземных захопнікаў. З першых гадоў савецкай улады Тураў стаў раённым цэнтрам і быў ім да 1962-га. Восенню 1938 года атрымаў статус гарадскога пасёлка, а з 2004-га – горада Жыткавіцкага раёна.

У гады гітлераўскай акупацыі тут актыўна дзейнічала антыфашысцкая арганізацыя. Устаноўлены помнік на магіле 146 савецкіх воінаў і адкрыты мемарыял 192 землякам, якія не вярнуліся з вайны.

ПАЎНАВОДНАЯ Прыпяць дугой агінае старажытнае замчышча, з вышыні якога аглядае прастору адліты ў бронзе з крыжом за спіною Кірыла Тураўскі. Пазалотай купалоў ззяе новаўзведзены кафедральны сабор Святых Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх. Шырокая рачная пойма і чарназёмныя нівы акружаюць тысячагадовы Тураў. Вякамі галоўным быў водны шлях да старажытнай сталіцы. Як сцвярджаюць паданні, са стольнага Кіева рачныя воды Дняпра і Прыпяці прынеслі сюды каменныя крыжы. Раней даводзілася бачыць іх ва Усясвяцкім тураўскім храме, які быў адзіным дзеючым у раёне. Старажытны каменны крыж усталяваны перад уваходам у новы кафедральны сабор Святых Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх, куды будзённым днём мы завіталі са старшынёй гарсавета Сяргеем Скарапацкім.

Цішыня панавала на саборным дворыку. Некалькі мужчын пераносілі нейкія прыстасаванні з грузавіка ў храм. Ад настаяцеля сабора Васіля Пыталя даведаліся, што спецыялісты рыхтуюцца да роспісу ўнутраных сцен. Абяцаюць да вясны справіцца. 11 мая, у дзень ушанавання святога епіскапа Кірылы Тураўскага, плануецца правесці з удзелам Мітрапаліта Паўла святочнае богаслужэнне. Чацвёрты год запар у гэты дзень ён праводзіць богаслужэнне ў Тураве. Тысячы паломнікаў збіраюцца на Замкавай гары, дзе з пастамента ўглядаецца ў далячынь златавуст Кірыла Тураўскі. Тут жа на гары пад укрыццем захоўваецца падмурак старажытнага праваслаўнага храма ХIII стагоддзя.

Праз прыпяцкую пратоку, якая ў былыя часы была судаходнаю, віднеюцца Барысаглебскія могілкі і цэркаўка Барыса і Глеба. Лічыцца, што менавіта тут спачывае Кірыла Тураўскі.

Вузенькая сцежка сярод магілак вядзе ў цэнтр цвінтара, дзе з зямлі растуць два каменныя крыжы. Праваслаўныя вернікі пакланяюцца ім. Некалькі гадоў таму непадалёку ад гэтай мясціны выявіўся трэці каменны крыжык. Два вялікія крыжы з Барысаглебскіх могілак раней перададзены ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей. Кожны тураўскі закутак абвеяны таямніцамі, якія вабяць вандроўнікаў. У горадзе створана інфраструктура для прыёму турыстаў: некалькі гасцініц, аграсядзіб, турыстычны комплекс “Струмень”, кафэ.

Яркімі вітражамі з гербамі старажытных гарадоў Тураўскага княства аздоблена кафэ “Будзьма”, дзе ўмеюць частаваць адмысловымі палескімі стравамі. Аматары палявання аблюбавалі багатую на дзікіх жывёл і птушак гаспадарку “Ласіны востраў”, якая раскінулася амаль на 130 тысячах гектараў.

АСАБЛІВА шмат гасцей у Тураве вясною, калі звініць птушыным шматгалоссем міжрэчча Прыпяці і Струмені. Аблюбавалі поплаў пералётныя вандроўнікі. З набярэжнай можна гадзінамі назіраць за кіпучым птушыным царствам. Тут гняздуюцца як прадстаўнікі тундраў – кулік марадушка, вялікі зуёк, шылахвостка, так і стэпаў – качка лапаноска, стэпавая ціркушка. Загадзя арнітолагі абсталёўваюць пляцоўкі для назірання за папуляцыямі. Па іх падліках, звыш 200 тысяч водна-балотных пярнатых асядаюць вясною на акружанай з усіх бакоў вадою лугавіне. Найбольш масавыя мігранты – птушачкі батальёны, якіх прылятае да сотні тысяч. Мірна ўжываюцца калоніі чаек-рыбачак, качак-свіцьваў, белабокіх гусей і іншых пералётных птушак. Большасць з іх занесена ў нацыянальную і міжнародную Чырвоную кнігу. А некаторыя віды, як гусь-піскулька, пад пагрозай знікнення.

У цэнтры горада, ля ўвахода ў гасцініцу “Тураў”, усталяваны помнік куліку. Грамадскае аб’яднанне “Птушкі Беларусі” штовясны праводзіць тут свята юрклівага гаспадара палескіх балот.

Восенню, у дзень княгіні Фяўроніі, на Замкавай гары вянчаюцца маладыя. Сёлета ўрачыста бралі шлюб пары з Турава, Жыткавіч, суседніх Любанскага і Лельчыцкага раёнаў.

Традыцыяй стала правядзенне ў Доме культуры музычных імпрэз з удзелам заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.

БАГАТЫЯ на справы і тураўскія будні. На базе некалькіх гаспадарак Жыткавіцкага раёна створана ААТ “Тураўшчына”, якое аб’яднала звыш 15 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку шэсць тысяч гектараў высокаўрадлівых ворных зямель. Пабудаваны новыя жывёлагадоўчыя комплексы, вакол Турава пасаджаны яблыневыя сады. Спецыялізуецца гаспадарка на вытворчасці малака, мяса, збожжавых кармавых і тэхнічных культур, гародніны. Прадукцыя палёў перапрацоўваецца на кансервавым заводзе, які стаў структурным падраздзяленнем таварыства. Прадпрыемства выпускае кансерваваную цукровую кукурузу, зялёны гарошак, бярозавы сок, розныя соусы, джэмы, варэнні. Італьянскія сыры малочнага камбіната неаднаразова станавіліся ўладальнікамі многіх высокіх узнагарод прэстыжных выстаў і конкурсаў. Прадпрыемства, як і ААТ “Тураўшчына”, аснашчана сучаснай магутнай тэхнікай. Вытворчыя калектывы пастаянна папаўняюцца моладдзю.

Старшакласнікі Хільчыцкай, Верасніцкай, Рычоўскай і абедзвюх Тураўскіх сярэдніх школ асвойваюць прафесію механізатара. Тэарэтычныя заняткі замацоўваюцца практычнымі, якія праводзіць майстар Леанід Квяткоўскі. Мы завіталі на школьны падворак, дзе каля трактара МТЗ сабраліся адзінаццацікласнікі Аляксей Марусіч, Кірыл Зямлянік і Ілля Міцюрыч. Падышлі і дзяўчаты Настасся Субат і Марыя Зінкевіч. Па заканчэнні вучобы яны будуць здаваць экзамен у раённым Дзяржтэхнаглядзе. Мінулай вясною з 30 выпускнікоў 22 з першай здачы экзамену атрымалі пасведчанне трактарыста. Такім вынікам майстар Леанід Квяткоўскі задаволены. Вось толькі адразу сесці за руль сучаснай сельгастэхнікі яго выхаванцам складана. Трактару МТЗ, на якім абучаюцца, ужо сорак гадоў. Школа атрымала яго, калі дырэктарам быў франтавік Аляксандр Блоцкі. Ужо даўно Аляксандр Яўстаф’евіч — самы старэйшы жыхар Турава. Дзевяноста дзявятую восень сустрэў. Юнацтва яго апаліла вайна. Удзельнічаў у фінскай ваеннай кампаніі. У Айчынную вайну пад Псковам быў цяжка паранены. Ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За абарону Ленінграда” і “За перамогу над Германіяй” адзначаны баявыя заслугі Аляксандра Блоцкага. Пасля вайны закончыў мазырскі педінстытут і вярнуўся на родную Тураўшчыну настаўнічаць. Доўгае сямейнае жыццё пражыў з Антанінай Іосіфаўнай, якая выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. Некалькі гадоў таму жонкі не стала.

Засталі Аляксандра Яўстаф’евіча на агародзе з рыдлёўкай у руках. Без працы не можа. Такімі імкнуўся выхоўваць школьнікаў. Многія выпускнікі сталі хлебаробамі. На палях ААТ “Тураўшчына” працуюць Аляксей Сергіенка, Міхаіл Акуліч, Пётр Струк. На малочны кабінат вярнуўся пасля сталіцы Дзмітрый Страх. Гаспадарка забяспечвае жыллём. Малочны камбінат будуе трыццацікватэрны дом. Новыя катэджы ўпрыгожылі вуліцы Маладзёжную і Паўднёвую. Адна з новых вуліц атрымае назву асветніка Кірылы Тураўскага.

ДЗЯСЯТАК катэджаў на ўскрайку Турава, арыгінальны будынак гасцініцы, кафэ пабудаваны фермерскай гаспадаркай Міхаіла Шруба. Цудоўна абуладзіў фермер набярэжную ракі Струмень. Больш як паўтары сотні чалавек занята ў сялянскай гаспадарцы. Сучасны фермерскі аўтаматызаваны свінакомплекс пастаўляе ў год 1300 тон мяса. Па еўрапейскіх стандартах абсталяваны памяшканні для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Сярэднегадавы ўдой ад кожнай з 1200 кароў перавышае сем тысяч кілаграмаў. Для забеспячэння жывёлы кармамі гаспадарцы дадаткова выдзелена 700 гектараў зямлі. Кіруе жывёлагадоўляй выпускнік Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Тэдзі Экхарутайвен. Летам адведваў родных у Нігерыі, расказваў пра старажытны Тураў, дзе плануе пабудаваць дом.

Займаецца фермерскай гаспадаркай і вырошчваннем гародніны. Пабудаваны сховішчы для гародніны на 20 тысяч тон прадукцыі, якая круглы год пастаўляецца ў гандлёвую сетку рэспублікі. Кожная галіна ў фермера Міхаіла Шруба рэнтабельная. Высокую ацэнку гаспадарцы даў Кіраўнік дзяржавы ў час наведвання. Прыбытак дазваляе мадэрнізаваць вытворчасць, развіваць сацыяльную сферу. У ціхім куточку, на беразе прыпяцкага прытока Сцвігі ўзводзіцца турыстычны комплекс, які хутка прыме наведвальнікаў.

Такім уступіў у сваё другое тысячагоддзе горад, дзе нарадзіўся, вырас і знайшоў вечны спачын асветнік Кірыла Тураўскі.

Источник

Познавательное и интересное