Лёня Саўчанка і Грыша Міхневіч вучыліся ў адным класе, сядзелі на адной парце і жылі на адной кватэры. У школе ўсе казалі, што іх і вадой не разальеш. I гэта сапраўды было так. Калі на вуліцы, гуляючы ў снежкі, Грыша адчуваў сябе пераможаным, то на дапамогу ён клікаў Лёню. I, наадварот, Лёня, які вучыўся слабей за Грышу, за дапамогай звяртаўся таксама толькі да сябра. Грыша ніколі не адмаўляўся, а толькі трос Лёню за чуб і прыгаворваў:
— Эх ты, галава — два вухі!
Лёня вырываўся з сябравых рук і нязлосна пагражаў:
— Пусці, а то як трэсну.
— Ану, давай паспрабуем, хто каго адолее. — зухавата падстаўляў плячук Грыша.
Лёню не хацелася паддавацца.
Хлопцы браліся дужацца і, падскокваючы, нібы два пеўні, намагаліся адзін аднаго перахітрыць, падставіць ножку і пакласці, як сапраўдныя барцы, на абедзве лапаткі. Нязлосныя тумакі, вядома, не ішлі ў разлік. Іх хапала і пераможцу і пераможанаму.
Сварка, тая сварка, якая звычайна так прыніжае ў нашых вачах людзей, адбылася паміж імі зусім нечакана.
Грыша Міхневіч, якому вучоба давалася без асаблівых цяжкасцей, меў у сваім характары адну дрэнную рысу. Ён быў упэўнены, што выдатныя адзнакі заслужана ўпрыгожваюць толькі яго дзённік, а ўсім астатнім вучням яны ставяцца проста так, невядома за што.
Усё адбылося ў суботу, пасля раздачы кантрольных па алгебры. Быццам у насмешку, на гэты раз амаль палова класа атрымалі пяцёркі, а яму, Грышу Міхневічу, лепшаму вучню ўсёй школы, паставілі нейкую там няшчасную чацвёрку! I за што? За адзін толькі прапушчаны знак!
Пяцёрку атрымаў і Лёня Саўчанка.
Не могучы схаваць сваё расчараванне, Грыша ўзяў Лёнеў сшытак і, насмешліва разглядваючы яго, голасна, каб пачуў настаўнік, сказаў:
— Цікава выходзіць: хто спісваў, у таго пяцёрка, а хто сам рашаў.
— А хто ў цябе спісваў? — загарэўся Лёня.
— Ты спісваў,— з незалежным выглядам сказаў Грыша.— Ты ж мінулы раз у такім ураўненні з двума невядомымі зрабіў памылку.
— Мінулы раз зрабіў, а на гэты раз вывучыў і не зрабіў!
Тут умяшаўся настаўнік і спыніў іх спрэчку.
А пасля ўрокаў, калі Грыша і Лёня ішлі дадому, у суседнюю вёску,— вучыліся яны ў мястэчку і жылі на кватэры,— тая спрэчка адчулася зноў.
Хлопцы спяшаліся завідна мінуць густы дрымучы лес. Тыдзень назад Лёнеў бацька сустрэўся тут з воўчай зграяй.
Грыша ішоў наперадзе, Лёня, які летам упаў з грушы і зламаў нагу, накульгваў з палачкай ззаду. Ісці было цяжка. Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Ужо змяркалася, а да лесу заставаўся яшчэ ладны кавалак нялёгкага шляху.
— Давай адпачнём крышку, я не магу так хутка ісці,— сказаў Лёня.
Грыша зрабіў выгляд, што не пачуў, і нават не запаволіў кроку.
— Давай адпачнём, у мяне нага баліць,— мацней паўтарыў Лёня.
— Дома адпачнеш,— не спыняючыся і не аглядаючыся, буркнуў Грыша.
— Да дому яшчэ далёка.
— Дык што ж, мы праз тваю нагу ў лесе будзем начаваць?
— Ну і можаш ісці.
Раней, бывала, калі хто-небудзь з хлопцаў стамляўся ці напраўляў абутак, другі абавязкова чакаў яго, бо ведаў: лепшая надзея і дапамога ў дарозе — таварыш.
Лёня кінуў партфель на снег, сеў на яго і выпрастаў хворую нагу.
Уперадзе, у сівой завірусе, ледзь бачна была постаць сябра.
Лёня доўга не сядзеў.
Як толькі адышла нага, ён устаў і, абапіраючыся на палку, рушыў далей. Постаць Грышы ўжо ледзь-ледзь віднелася ўдалечыні. Хутка яна і зусім знікла. Наперадзе чарнеў лес.
Хлопчык азірнуўся. Незразумела адкуль узяўся страх. Успомнілася воўчая зграя, ад якой ледзь уратаваўся бацька. I, мусіць, наўрад ці ўратаваўся б, каб не запалкі і салома ў санях. Міжвольна Лёня памацаў свае кішэні ўспомніў: запалкі і смалякі, якія дала ім на дарогу гаспадыня кватэры, засталіся ў Грышы ў партфелі.
Хутчэй дагнаць яго! Або лепей гукнуць, каб пачакаў. Лёня паддаў кроку, але так і не гукнуў. навошта? Грыша будзе потым у школе нос задзіраць і ўсім хваліцца, што Лёня без яго і дадому дайсці не мог.
А Грыша ішоў сабе наперад. Ён не бачыў, як садзіўся адпачываць Лёня. Ён думаў, што Лёня ідзе ззаду і не хоча гаварыць з ім, бо лічыць сябе пакрыўджаным. Аглядацца і пачынаць гаворку самому Грышу не хацелася. Зноў успомнілася Лёнева пяцёрка, і зноў нядобрае пачуццё завалодала Грышам. «Падумаеш, выдатнік знайшоўся. Больш чым на тройку не выцягнуў бы, каб не спісаў. »
Праўда, Грыша не быў цвёрда перакананы, што Лёня спісваў. Але ён ніяк не мог прымірыцца са сваёй чацвёркай і Лёневай пяцёркай па алгебры.
Зайшоўшы глыбей у лес, Грыша ўсё ж парашыў азірнуцца. Яму зрабілася страшна ісці лесам у такую завіруху аднаму. Ён пастаяў, пачакаў крыху. Лёні не было відаць. Тады Грыша вырашыў вярнуцца і пайсці сябру насустрач: відаць, і сапраўды ў яго моцна балела нага, калі ён застаўся гэтак далёка ззаду. Ужо зусім сцямнела. I раптам хлопца ахапіў страх. Было так страшна, што ў Грышы не хапіла адвагі гукнуць, паклікаць сябра. Дзе ён падзеўся? Можа, вярнуўся ў мястэчка, па кватэру? Трэба хутчэй бегчы дамоў і расказаць пра ўсё, што адбылося. Так, так. Хутчэй дадому!
I Грыша пабег.
. Праз лес ішлі дзве дарогі. Адна да вёскі, дзе жылі хлопцы, другая да балота, дзе стаялі стагі суседняга калгаса. Упоцемку лёгка было зблытаць дарогі, і Лёня, стомлены і пакрыўджаны, не заўважыў, як павярнуў направа, да балота.
У той вечар цётка Насця, Лёнева маці, прасявала на сіта муку. Бацька сядзеў на зэдліку, падшываў валёнкі.
— I трэба ж, гэтак мяце і круціць — свету белага не відаць,— ссыпаючы прасеяную муку, заклапочана прамовіла маці.
— Пара прыйшла, дык мяце і круціць. Летам не будзе месці,— азваўся Ігнат.
— Хаця б Лёня не надумаўся ў гэткую пагоду ісці.
— Не павінен, я казаў, каб не хадзіў.
У сенцах каля дзвярэй пачуўся шоргат. Відаць, ішоў нехта чужы, бо не мог знайсці клямку. Насця адчыніла дзверы, і парог пераступіла суседка.
— Добры вечар вам,— прывіталася яна.— А я ніяк клямку не намацаю.
— I не кажыце: я і сама часам паўгадзіны стаю пад дзвярыма,— падтакнула гаспадыня.
— Што гэта вы, пірагі надумаліся пячы, ці што? — звярнулася да Насці суседка.
— Ды вось малыя захадзіліся: спячы ды спячы. Хачу цеста паставіць.
— Яно ж пэўна,— паспешліва згадзілася суседка і з нейкай ненатуральнай цікавасцю запытала: — А дзе ж гэта ваш Лёня, хіба не прыйшоў яшчэ?
— Няма. Куды ён пойдзе ў такую непагадзь? У тую нядзелю я загадаў ім — і свайму і вашаму,— каб сядзелі па кватэры і не хадзілі. — адказаў Ігнат.
— Бацюхны мае! — раптам губляючы ранейшы тон, спалохана пляснула далонямі суседка.— А мой жа Грышка прыйшоў і кажа, што ваш Лёня ў дарозе адстаў ад яго. Я і пабегла даведацца, ці не дома ён.
Насця ажно выпусціла з рук сіта.
— Дзе ж ён, мой сыночак?! I чаму ж гэта яны не разам ішлі?
— Не ведаю, што ў іх там здарылася, бо мой нейкі вельмі сумны прыйшоў. Нават нічога ў рот не ўзяў.
— А людцы ж мае! Апранайся, Ігнат, ды бяжы хутчэй на канюшню, едзь шукаць.
Ігнат праехаў лес і, так не сустрэўшы Лёню, вырашыў, што хлопцы ў дарозе, напэўна, пасварыліся, а мо нават і пабіліся, і Лёня вярнуўся назад па кватэру. Ён шпарчэй пагнаў каня. Уехаў у мястэчка. Трывожна пастукаў у дзверы дома, дзе кватаравалі хлопцы. На стук выйшла гаспадыня і, усхваляваная пытаннем Ігната, блытаючыся, пачала расказваць, што Лёня і Грыша адразу ж пасля ўрокаў разам пайшлі дадому. Яна казала ім, каб пераначавалі, але яны не паслухалі.
Тады Ігнат падумаў, што Лёня, напэўна, збіўся з дарогі і пайшоў на балота. Ад гэтай думкі яму аж горача зрабілася: балота яшчэ добра не замерзла і мясцінамі правальвалася.
Конь стаміўся і ўжо не мог бегчы, але Ігнат усё паганяў яго і паганяў. Вось нарэшце і балота. Вунь ужо зачарнелі стагі.
— Лёнька-а! —гукнуў у завіруху і цемень ночы Ігнат.— Сынок.
— О-ок! — глуха адгукнулася яму ноч.
— Лёнька-а! Лёня-а! — зваў бацька.
— А-а-а! — тонкім голасам адклікнуўся яму нехта здалёку.
— Сынок! Лёня! — мацней закрычаў Ігнат.
— Я ту-ут! — усё гэтак жа топка данеслася з цемры.
Ігнат пагнаў каня на голас.
— Лёня-а! Лёня-а.
. Лёня сядзеў пад стогам увесь мокры і скарчанелы. Здарылася якраз тое, чаго баяўся Ігнат: доўга блукаючы па балоце, хлопец праваліўся ў незамерзлую багну і, ледзь выбраўшыся з яе, насілу дацягнуўся да стога.
Бацька скінуў з сябе кажух, захутаў у яго Лёню і зноў хутчэй пагнаў каня.
— Патрымайся яшчэ сынок, зараз будзем дома.
Расцёрты гусіным салам і закручаны ў суконныя хусткі і коўдры, пад раніцу Лёня пачаў трэсціся ад холаду і трызніць. Пачыналася тое, чаго так цяжка было пазбегнуць: запаленне лёгкіх.
Неяк раніцай у нядзелю, калі Лёня ўжо ачуньваў, у сенцах пачулася нясмелае тупанне, потым дзверы адчыніліся, і ўвайшоў Грыша Міхневіч. Збянтэжаны, з пакункам у руках, ён доўга абмятаў ля парога валёнкі, ніяк не адважваючыся ні прывітацца, ні прайсці далей.
— Ну, даволі ўжо, праходзь, а то валёнкі парвеш,— не вельмі ветліва сустрэла хлопца Лёнева маці.
— Я, цётка, да вас. Можна?
— А чаму ж няможна? Ці даўно ты не вылазіў ад нас, а зараз гэтакі далікатны зрабіўся, што нават дазволу пытаеш.
Над Грышам злітаваўся Ігнат.
— Праходзь, брат,— падбадзёрыў ён хлопца.— Распранайся ды раскажы Лёню, якія вы ўрокі там прайшлі без яго.
— Я прынёс. я пакажу,— крыху пасмялеўшы, падышоў да стала Грыша.
Чамусьці не адважваючыся наблізіцца да Лёні, ён здалёку звярнуўся да яго:
— Я вось табе, Лёня, прынёс. Мая маці прыслала. — і, паклаўшы на стол пакунак, ён дастаў з яго некалькі яблыкаў і маленькі гладышык. Гэта мама табе ліпавага мёду прыслала. Кажуць, вельмі памагае, калі з гарачым чаем піць.
— Бач, які ты зараз добры зрабіўся,— зноў не стрымалася Лёнева маці.
Але бацька перабіў яе:
— Што было, тое быллём парасло. Усё прайшло, і няма чаго перагаворваць. Праходзь, брат, бліжэй да Лёні ды расказвай.
— Я зараз,— падсоўваючы да Лёневага ложка крэсла, ахвотна паабяцаў Грыша.— Я ўсё прынёс, усё пакажу.
Лёня глядзеў па Грышу шчаслівымі вачыма. Хлопцы даўно не бачыліся, даўно не вучылі разам урокаў, не дурэлі.
— Сядай сюды, на ложак,— Лёню здавалася, што так яны будуць бліжэй адзін да аднаго.— I ўсё расказвай.
— Раскажу! Усё раскажу.
Зразумеўшы, што ён памілаваны, Грыша перасеў на ложак да Лёні.
— Перш за ўсё скажу табе, брат: ну і даў тады мне бацька лупцоўку. — з выглядам самага шчаслівага чалавека на свеце пахваліўся Грыша.
— За што лупцоўку? — не зразумеў Лёня.
— За што, за што. Варта было, дык і даў. А класнаму я сам усё расказаў. Усё, як было.
— Ну, гэта ты ўжо зусім дарэмна зрабіў.
— Не дарэмна! Я тады нават хацеў, каб мяне са школы выключылі.
— Вось дурань!
— Дурань, ды не таму. Ну што, пачнём з геаметрыі?
— Давай з геаметрыі.